У фінал міжнароднай бізнес-гульні “пачатковы фермер” выйшлі 9 праектаў маладых беларусаў

Падведзены вынікі трэцяга Міжнароднага завочнага тура міжнароднай бізнес-гульні «Пачатковы фермер».
Праект накіраваны на развіццё ва ўдзельнікаў навыкаў бізнес-планавання ў сельскай гаспадарцы, збору і аналізу інфармацыі, выпрацоўкі кіраўнічых рашэнняў і ўменні працаваць у камандзе.
Яго старт у нашай краіне адбыўся ў пачатку кастрычніка. За гэты час маладыя фермеры пераадолелі тры адборачных тура. Для ўдзелу ў Першым Нацыянальным паступіла 80 заявак, у другі тур прайшлі 36. У трэцім, міжнародным туры ад беларусаў былі разгледжаны 20 заявак. Дзевяць з іх рэкамендаваныя ў фінал:
Адкрыццё цяплічнага комплексу “ягадзіца” (аўтар — магістрант эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Ганна Бандарэнка),
GORKI’S HONEY (аўтар-студэнт 1-га курса эканамічнага факультэта БДСГА Энгін Макейчык),
“Мова Грыбаў” (аўтар студэнт 4-га курса факультэта камерцыі і фінансаў Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Арцём Скаромны»,
“Вёска будучыні” (аўтар — першы сакратар Браслаўскага раённага камітэта БРСМ Алена Гасюль),
“Вырошчванне і рэалізацыя ядомых каштанаў” (аўтар — навучэнка 2-га курса Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Белкаапсаюза Уладзіслава Гардзей),
Сялянска-фермерская гаспадарка “Бацька дар” (аўтар-навучэнка 3-га курса эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Карына Махавікова),
“Ажыццяўленне фермерскай дзейнасці па вырошчванні грэчкі” (аўтар — навучэнец 3-га курса Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Андрэй Пачарняеў),
“Рацыянальнае выкарыстанне цыбульных раслін на прыкладзе Tulipa hibrida” (аўтар-настаўнік біялогіі СШ № 8 Крычава Ірына Кісялёва),
праект школьнай стартап-кампаніі “Пакаленне Экаагра” (аўтар — настаўнік біялогіі Барсукоўскай сярэдняй школы Надзея Паўленка).
Міжнародны фінал праекта адбудзецца ў анлайн-фармаце 22-25 лістапада. Экспертны савет ацэніць прэзентацыі праектаў з улікам шэрагу крытэраў. Фіналісты павінны валодаць ведамі асноў эканомікі і кіравання сельскагаспадарчай арганізацыяй, праграм, накіраваных на падтрымку фермерскіх гаспадарак, быць здольнымі кіраваць сельскагаспадарчай арганізацыяй ва ўмовах канкурэнцыі.
На тэрыторыі нашай краіны арганізатарам гульні выступіў БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства адукацыі Беларусі і Расійскага саюза сельскай моладзі, які аказаў кансультатыўную дапамогу ў яе правядзенні.