3 лістапада 2022 года актавая зала каледжа адкрыў свае дзверы для традыцыйнага свята – Пасвячэння ў навучэнцы! Важнымі персонамі на ім былі менавіта навучэнцы новага набору. Гэта яны ў пачатку верасня прынеслі вэрхал у навучальныя карпусы: гэта яны не ведалі яшчэ нумары аўдыторый, блыталіся ў званках, пакуль не запомнілі выкладчыкаў і адзін аднаго ў твар …
Затое яны самыя вясёлыя, самыя цікаўныя, гэта іх твары свецяцца гонарам за сваю персону – ім удалося паступіць. Усе былі калісьці такімі…
Прыйшоў час ім стаць часткай нашай вялікай і дружнай сям’і! З павучальным словам выступіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Багнюкі Эліна Сяргееўна, а таксама павіншаваць першакурснікаў прыйшлі куратары, выкладчыкі і старшакурснікі. Яны творча падышлі да прэзентацый сваіх спецыяльнасцяў, перадавалі сімвалы прафесій і стварылі цёплую, сяброўскую атмасферу.
У завяршэнні свята старастам груп былі ўручаны сімвалы навучэнцаў: сімвалічны пуд солі і граніт навукі ў форме торта!



























